Пашырэнне магчымасцей для прафесійнага развіцця: як сфарміраваць якаснае СV і партфоліа
Для большасці заявак на рэзідэнцыю, конкурс ці выставу неабходна падаць CV (з лац.: сurriculum vitæ — "плынь жыцця"). CV паказвае, што было зроблена вамі ў мінулым, ці вы атрымалі мастацкую адукацыю, дзе выстаўляліся, дзе працавалі, якімі ўзнагародамі адзначаны і г.д., тут можна пазначыць інфармацыю пра найбольш важны прафесійны досвед і самыя выдатныя дасягненні.
CV дае дакладнае ўяўленне аб тым, наколькі вы падыходзіце для рэзідэнцыі, супрацоўніцтва або выставы.
Пры складанні CV для падачы сваёй кандыдатуры на профільную рэзідэнцыю ўкажыце ўсю інфармацыю ў зваротным храналагічным парадку. Аформіце CV у PDF фармаце аб'ёмам не больш за адну-дзве старонкі. Калі вы суіскальнік_ца замежнай рэзідэнцыі аформіце ўсю інфармацыю на ангельскай мове.
Інфармацыя пра вас
︎ ваш фотаздымак
︎ імя, прозвішча, творчы псеўданім, калі вы яго выкарыстоўваеце
︎ год і месца нараджэння
︎ краіна, месца жыхарства і дзейнасці
︎ вашы актуальныя кантактныя дадзеныя: тэлефон з міжнародным кодам, электронная пошта
Професійны досвед
︎ Адукацыя. Пералічыце ўсе спецыяльнасці, якія вы атрымалі, дадатковыя курсы, семінары i майстэрні, якія вы наведвалі і інш.
︎ Месца працы. Пазначце назву тэатра, калі вы, напрыклад, акцёр_ка, галерэю, з якой вы супрацоўнічаеце, калі вы мастак_чка альбо атрымліваеце стыпендыю
︎ Від мастацтва, напрамак, тэхніка ў якой вы працуеце і інш.
︎ Майстэрні. Тут вам неабходна пазначыць семінары, майстэрні, лекцыі, прэзентацыі, якія вы калі-небудзь праводзілі. Уключэнне такіх дасягненняў паказвае ваш аўтарытэт як дзеяча_кі мастацтва і ваш досвед у дадзенай вобласці. Укажыце год, назву семінара, месца і дату правядзення.
︎ Узнагароды і рэзідэнцыі. У тым ліку грашовыя прызы і іншыя ўзнагароды, гранты і стыпендыі. Узнагароды паказваюць прызнанне, якое вы атрымалі за свой талент у мастацкай супольнасці і з'яўляюцца каштоўнымі.
Назавіце год атрымання ўзнагароды, назву ўзнагароды, назву арганізацыі, якая прысудзіла ўзнагароду і яе месцазнаходжанне.
Для рэзідэнцыі пазначце год, праграму, назву інстытуцыі, якая прадстаўляе рэзідэнцыю, месца.
︎ Выставы. Спіс выстаў паказвае, што ў вас ёсць годны даверу досвед мастака_чкі. Пазначце год, тып выставы, назву выставы, назву інстытуцыі і месцазнаходжанне. Калі выстаў у вас было занадта шмат, укажыце значныя для вас выставы ці выставы за апошнія два-тры гады і выкарыстоўвайце дзве катэгорыі Персанальныя і Групавыя. Важна ўказаць усіх суаўтараў_ак, куратараў_ак або членаў_ак журы, яны могуць быць указаны ў канцы кожнага радка.
︎ Калекцыі. Абавязкова варта згадаць, бо гэта падвышае вашу рэпутацыю мастака_чкі (выкарыстоўвайце дзве асобныя катэгорыі Грамадская і Прыватная, калі ў вас іх некалькі. Пазначце назву інстытуцыі, арганізацыі (напрыклад, музей ці ўстанова), горад і краіну ў катэгорыі Грамадская калекцыя. Імя, прозвішча , горад, краіну ў катэгорыі Прыватная калекцыя.
Спіс уладальнікаў_ц прыватных калекцый вы публікуеце толькі з дазволу калекцыянераў_ак.
︎ Публікацыі. Калі вы былі адзначаны ў публікацыі, згадка пра гэта ў вашым рэзюмэ — выдатны спосаб прадэманстраваць сваю вядомасць у мастацкай супольнасці.
Пазначце год публікацыі, імя аўтара_кі, назву артыкула, назву і выпуск публікацыі, а таксама дату.
︎ Спасылка на ваш сайт калі вы яго маеце.
︎ Спасылка на партфоліа.
Партфоліа
Ідэальным партфоліа з'яўляецца ваш персанальны сайт, але калі ў вас яго няма, то партфоліа можа быць прадстаўлена ў PDF фармаце, ці больш актуальны і зручны варыянт — у анлайн фармаце.
Партфоліа павінна адлюстроўваць візуальна ваш творчы дыяпазон і ўсе працы павінны мець высакаякасныя выявы, нават калі гэта фатаграфія або відэа.
Не дадавайце ў партфоліа ўсе свае працы, абярыце лепшыя, якія адлюстроўваюць ваша мастацтва. Калі ў вас шмат праектаў, лепш зрабіце некалькі раздзелаў. Усе працы павінны змяшчаць апісанне з указаннем назвы, года стварэння, месца правядзення, калі вы працуеце ў сферы тэатра ці музыкі, з абавязковым апісаннем тэхнікі і памераў твораў, калі вы мастак_чка.
Анлайн-партфоліа — гэта ваша лічбавая візітная картка і вы можаце стварыць яе на прыдатнай для вас прафесійнай онлайн платформе, напрыклад, Behance. Пацікаўцеся як іншыя вашыя калегі прадстаўляюць сваё мастацтва, варта выдаткаваць час на тое, каб правільна прадставіць сябе ў сеціве інтэрнет.